Аддзел этнаграфіі, фальклору і рамёстваў
Майстры народных мастацкіх рамёстваў аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў дзяржаўнай установы культуры “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр” займаюцца адраджэннем, захаваннем і папулярызацыяй традыцыйных відаў рамёстваў.
Загадчык аддзела: Ланевская Виктория Андреевна
Кантактны тэлефон: +375 (152) 43-03-18
Электронны адрас: mail@grodnokult.by
Электронны каталог сувенірнай прадукцыі
Выраб лялек
З даўніх часоў тэкстыльная лялька была часткай багатай традыцыямі славянскай культуры. Выраб абярэжных лялек і правільнае абыходжанне з імі мела вялікае значэнне для кожнай сям’і. Усё, што мы сёння ўспрымаем як упрыгожванне – арнамент на адзенні, посудзе, прадметах быту, – у культуры нашых продкаў заключала ў сабе глыбокі сэнс, было прызвана аберагаць і напаўняць сілай тых, хто карыстаўся гэтымі прадметамі. І тут лялька мела асаблівую роль.
Лялькі рабіліся з кавалкаў ношанага бацькоўскага адзення. Нашы продкі лічылі, што адзенне акумулюе жыццёвую сілу, станоўчую энергію гаспадара. Таму і лялькі атрымліваліся не толькі мяккімі і цёплымі навобмацак, а і напоўненымі дабрынёй, любоўю, клопатам аб тым, каму яны адрасаваліся.
У Гродзенскім раёне вырабам абярэжных і тэкстыльных лялек займаецца мастар народных мастацкіх рамёстваў з аг. Індура Ірына Казіміраўна Рынкевіч. Яе шматлікія вырабы знаходзяцца ў экспазіцыі музея “Лялька ў карагодзе жыцця” ў Індурскім цэнтры культуры. Калекцыя майстра змяшчае разнастайныя па значэнні і тэхніцы выканання лялькі: “Берагіня”, “Крупенічка”, “Багач”, “Карміліца”, “Лялька на поспех”, “Купалінка”, “Вербніца”, “Капустка”, “Калядка”, “Траўніца”, “Памошніца на кухні”, “Яблычны Спас”, “Анёл-ахоўнік”, абрадавая лялька “Калядная козачка” і інш.






Вышыўка і ткацтва
Народныя мастацкія вышыўка і ткацтва – адны з найбольш папулярных і пашыраных відаў народнай творчасці. Рукадзельныя рэчы мы звыкла ацэньваем з пазіцыі прыгажосці, адмысловасці арнаментыкі, гармоніі каларыту. Але народныя ткацтва і вышыўка – яшчэ і бяздонная крыніца культурна-гістарычных звестак.
У Гродзенскім раёне гэтыя віды народнай творчасці распаўсюджаны ў аграгарадках Парэчча, Адэльск, Азёры, Індура, г.п. Сапоцкін, в.Каробчыцы і інш.
Лепшыя традыцыі вышыўкі гладдзю захоўвае і развівае таленавіты майстар з аг. Капцёўка Марыя Станіславаўна Ракевіч. Разнастайныя вырабы майстра – ручнікі, сурвэткі, абрусы, інтэр’ерныя падушкі, вышытыя карціны – вабяць погляд яркасцю фарбаў і вытанчанасцю выканання. У сваіх работах майстар аддае перавагу раслінным сюжэтам.
Абавязковым элементам беларускага нацыянальнага строя заўсёды быў пояс, які меў не толькі функцыянальнае, але і абрадавае, рэлігійнае, сацыяльнае значэнне. У звычайным прадстаўленні чалавека любая апаяска была прадметам, здольным супрацьстаяць нячыстай сіле і хваробам. Лічылася, што пояс і крыж маюць аднолькавую ахоўную функцыю. Асновай для вырабу паясоў служылі ільняныя і воўнавыя ніці, і існавала некалькі тэхнік вырабу паясоў: пляценне, ткацтва паясоў на дошчачках, на “ніту”, на бёрдышку, на станку.
У Гродзенскім раёне ткацтвам паясоў на станочку займаецца майстар народных мастацкіх рамёстваў Вольга Іванаўна Авакумава, якая працуе ў салоне-майстэрні рамесніка ў в. Каробчыцы. Калекцыя паясоў майстра налічвае не адзін дзесятак вырабаў, якія адрозніваюцца багаццем фарбаў: традыцыйныя чырвоная, белая, зялёная і чорная разбаўлены фіялетавай, аранжавай, блакітнай і жоўтай. Узоры на паясах у асноўным прадстаўлены палосамі, шашачкамі, ромбамі і іншымі геаметрычнымі элементамі.
У салоне-майстэрні рамесніка кожны жадаючы можа паспрабаваць асвоіць тэхніку ткацтва пояса.






Выяўленчае мастацтва
Гродзеншчына багата на таленавітых людзей, якімі яна можа ганарыцца. Да такіх дзеячаў, якія праслаўляюць свой родны куточак, можна аднесці мастакоў аддзела этнаграфіі, фальклору і раместваў.
Касіцкая Ларыса Уладзіміраўна – чалавек з шырокім мастацкім поглядам і пастаянным пошукам новых рашэнняў. Таленавіты кіраўнік гуртка па выяўленчаму мастацтву, якая працуе з 1999 года. Ларыса Уладзіміраўна мае свой адметны стыль, які адрозніваецца вытанчанасцю і эстэтычным густам. Яе гурткоўцы шматразова прымалі ўдзел у абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Многім з іх заняткі сталі першай прыступкай да выбару будучай прафесіі і падштурхнулі да паступлення ў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў на спецыяльнасць “дызайн”.
Пакумейка Уладзімір Іванавіч – творчы чалавек, які добра валодае мастацкім густам і вобразным мышленнем. Займаецца жывапісам з 10 гадоў. Выпускнік мастацкага вучылішча ім Л. Глебава. Мастак, работы якога вылучаюцца яркімі каляровымі і кампазіцыйнымі рашэннямі. Уладзімір Іванавіч працуе кіраўніком гуртка па выяўлечаму мастацтву, заўседы ўмее знайсці кантакт з выхаванцамі любога ўзросту і любой ступені падрыхтаванасці.
Астапчык Уладзімір Іванавіч – сапраўдны мастак, яго карціны вабяць сваей дасканаласцю і мастацкім уяўленнем. Яны вядомы далека за межамі нашай краіны. У сваей творчасці аддае перевагу пейзажу з краявідамі Гродзенскага раёна.






Кераміка
Масавая вытворчасць керамікі на тэрыторыі Беларусі адзначаецца ў эпоху неаліту — апошняга перыяду каменнага веку (IV—III тысячагоддзі да н. э.). Даследчыкі лічаць, што ўзнікненне керамікі звязана са звычаем абмазваць глінай плеценыя вырабы. Першабытныя людзі заўважылі, што, трапіўшы ў агонь, такое начынне не псавалася, а наадварот, і станавілася яшчэ больш моцным, хаця плецены каркас выпіраў. Гэта і падштурхнула да думкі вырабляць посуд з гліны і абпальваць яго на агні.
Керамічнае рамяство паступова развівалася і да нашага часу выдзелілася шэсць асноўных напрамкаў: 1) кухонны посуд (для прыгатавання ежы), 2) посуд для захавання і транспарціроўкі прадуктаў, 3) сталовы посуд, 4) дэкаратыўная кераміка, 5) цацкі, 6) вырабы рознага гаспадарчага прызначэння.
У Гродзенскім раёне выраб керамікі вельмі добра развіты у аг. Верцялішкі і г.Скідзель. На базе цэнтраў культуры працуюць две таленавітыя майстрыхі — Сяргейчык Таццяна Аляксандраўна і Рублеўская Таццяна Пятроўна, якія займаюцца вывучэннем традыцый народнай керамікі, працуюць над стварэннем арыгінальных сувеніраў. Яны першыя з кіраўнікоў гурткоў пачалі вырабляць сувенірную прадукцыю з відамі і гістарычнымі мясцінамі Гродзенскага раёна. Іх вырабы карыстаюцца попытам не толькі ў гродзенцаў, але і ў турыстаў.






Разьба па дрэве
Яшчэ з самых старажытных часоў вядома аб здольнасці дрэва пазбаўляць ад назапашанай адмоўнай энергіі. Побыт, жыллё на Гродзеншчыне былі непарыўна звязаны з дрэвам. Пры нараджэнні дзіцяці яго клалі ў драўляную люльку, давалі драўляную цацку — чалавек так і заставаўся, акружаны дрэвам і да самой старасці. У роспісу сялянскіх хат абавязковым элементам было «дрэва жыцця», якое служыла «сімвалам добрых пажаданняў і ахавальным знакам». Разьба па дрэве суправаджае чалавека па жыцці і шчыльна ўвайшла ў лёс беларускага чалавека, майстры выразалі з гэтага матэрыялу ўсё неабходнае для жыцця: мэбля, начынне, посуд. Але рабіць усё гэта можна было толькі вельмі добра разумеючы дрэва і адчуваючы яго як жывы, адушаўлёны матэрыял. Дрэва натхняе, а разьбяныя вырабы напаўняюць жыватворнай сілай наш дом.
Уладзімір Уладзіміравіч Кемяжук – майстар разьбы па дрэве – працаздольны, самаадданы і таленавіты чалавек, майстар з вялікай літары. Нястомна працуе над стварэннем новых арыгінальных сувеніраў. У сваіх вырабах аўтар імкнецца адчуць душу дрэва, перадаць прасторы , энергетыку і прыгажосць.
Падарункі і сувеніры з дрэва, зробленыя нашымі майстрамі, будуць выпраменьваць цяпло і несці гармонію і ўтульнасць у ваш дом.






Саломапляценне
На думку даследчыкаў, салома, як матэрыял для пляцення, стала выкарыстоўвацца яшчэ некалькі тысяч год таму ў сувязі з развіццём земляробства.
Прызначэнне саломапляцення практычна не змяніла свой характар: яно захавала ўтылітарна-практычную функцыю (для вырабу гаспадарча-бытавых рэчаў), выкарыстоўваецца ў абрадава-рытуальных мэтах. Але на першы план выходзіць мастацка-дэкаратыўнае прызначэнне: для аздаблення інтэр’ера альбо выкарыстанне як найлепшага сувеніра з беларускай зямлі. Зберажэннем традыцый саломапляцення і няспынным пошукам у галіне формаў і дэкору, разнастайнасць аўтарскіх почыркаў і тэматычнае багацце вызначае творчасць майстроў-сучаснікаў Гродзенскага раена.
Ірына Францаўна Шавельская валодае некалькімі відамі народнай творчасці, але аддае павагу рабоце з саломай. Дзякуючы ей, у Гродзенскім раёне аднавіўся выраб традыцыйнага саламянага галаўнога ўбора (картуза). На выстаўках з’явіліся прыгожыя фігуры птушак і жывел (каней, козачак).
Майстр саломапляцення аддзела этнаграфіі, фальклора і раместваў зберагае шматвекавыя традыцыі і ўносіць сучасныя тэндэнцыі гэтага мастацтва, стварае творы, дзякуючы якім “беларуская саломка” стала сапраўднай візітоўкай нашага краю.
У Гродзенскім раёне майстр саломапляцення Шавельская Iрына Францаўна з’яўляецца носьбітам комплекснай нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці “Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення”, што ў 2020 годзе была ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
У 2021 годзе Шавельская І.Ф. прынята ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. З’яўляецца пастаянным удзельнікам абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі” і Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.
Ірына Францаўна – уладальнік Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2024 года.
Па выніках працы за 2024 год у невытворчай сферы дзейнасці “за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю традыцыйных рамёстваў Гродзеншчыны, адраджэнне ў сучасных умовах народных тэхналогій саломапляцення”Ірыне Францаўнепрысвоена ганаровае званне “Чалавек года Гродзеншчыны”. У гэтым жа годзе яна стала лаўрэатам прэміі штогадовага абласнога конкурсу імя А.І.Дубко “Творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва” ў намінацыі “Народны майстар года”.





