Жыццё ў залатых сцяблінках. Народны майстар Беларусі па саломапляценні з Гожы падзялілася сакрэтамі традыцыйнага рамяства

У Гродзенскай вобласці рамяством саломапляцення займаюцца больш за 50 майстроў. Адной з тых, хто прысвяціў сябе гэтаму мастацтву, з’яўляецца народны майстар Беларусі Ірына Шавельская. Жыве і творыць яна ў аграгарадку Гожа, што ў Гродзенскім раёне. 

У яе скульптурах, упрыгожваннях і дэкаратыўных вырабах ажывае беларуская спадчына, а ў апавяданнях аб рамястве адчуваецца бязмежная любоў да сваёй справы.

1EF2D567-2A33-4EA6-99F4-0F7C7C69CA51.jpeg
2B72F0A3-04E8-4ED0-BD8F-51EA082F3CFB.jpeg

У майстэрні саламянага цуду

У майстэрнi адчуваецца водар поля. Не душна, не пыльна, не, нібы стаіш пасярод скошанага жыта, прагрэтага жнівеньскім сонцам. І гэтае адчуванне не пакідае цябе ні на хвіліну, пакуль Ірына, дзіўная жанчына з прамяністымі вачамі, творыць.

У мінулым годзе пра яе загаварылі ўсе. Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прэмія імя Дубко – прызнанне, якога Ірына заслужыла сваёй карпатлівай працай. Але ў яе ціхай майстэрні, напоўненай залацістымі снапамі, узнагароды здаюцца нечым далёкім. Тут кіруе балем салома. Проста салома, скажаце вы? Не, у падатлівым «сонечным» матэрыяле захавана ўсё яе жыццё.

Майстар сустрэла мяне з усмешкай. На стале раскладзены пучкі падрыхтаванай саломы, кожны – свайго адцення і фактуры.

– Гэта жыта. Сабрана ўручную, замочана ў вадзе, каб стала паслухмяным. А гэта – авёс, ён больш шаўкавісты. І кожная сцяблінка унікальна, як чалавек. Салома – гэта сонца, – кажа народны майстар. І сапраўды, яе працы выпраменьваюць святло і душэўную цеплыню.

4DBCA664-0E77-4491-BE3B-DCDD39169FCF.jpeg
4FDE5A0D-E247-4188-9091-CE83F4A58571.jpeg

Ірына нарадзілася ў невялікай вёсцы Прывалка Гродзенскага раёна. З дзяцінства любіла тварыць: шыла, вязала, займалася выцінанкай. Але доўгі час яна нават не думала аб тым, каб паспрабаваць сябе ў саломапляценні. Здавалася, што гэта занадта складана.

Працуючы загадчыцай клуба ў роднай вёсцы, наведвала курсы павышэння кваліфікацыі для культработнікаў. Менавіта там упершыню паспрабавала працаваць з саломкай. Спачатку проста назірала за майстрамі, распытвала, прыглядалася. А потым на адным з майстар-класаў ёй уручылі пучок саломы і сказалі: «Спрабуй». З гэтага ўсё і пачалося. Усяму вучылася самастойна па кнігам і інтэрнэту. 

– Я да гэтага часу вучуся, – прызнаецца Ірына. – У саломапляценні немагчыма дасягнуць абсалютнага майстэрства, бо кожная праца – чарговы эксперымент.

Першай працай стаў падвесны кошык з кветкамі, які яна беражліва захоўвае да гэтага часу.

Шлях да ўдасканалення заняў гады. Ірына шмат эксперыментавала, шукала свой стыль, асвойвала новыя тэхнікі. Цяпер, праз 15 гадоў, яна жыве ў Гожы і працуе майстрам народных мастацкіх рамёстваў аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра. 

Сёння майстар стварае не толькі традыцыйныя вырабы, але і аўтарскія працы, натхняючыся прыродай, беларускімі матывамі і сучаснымі тэндэнцыямі. Яе любімы кірунак – саламяная пластыка, стварэнне аб’ёмных фігур.

Натхненне, прызнаецца майстар, прыходзіць з прыроды, традыцый і каляндарных свят. Узімку майстар стварае калядныя ўпрыгожванні, фігуркі анёлаў і саламяных павукоў – гэта старажытныя славянскія абярэгі, якія абаранялі дом ад негатыва. Увесну – птушак, якія сімвалізуюць абуджэнне прыроды. Да Вялікадня яна майструе традыцыйныя вербачкі, упрыгожваючы іх элементамі з саломкі, да народных фестываляў пляце сімвалічныя фігуркі. Асаблівае месца ў яе творчасці займае вобраз аленя – сімвала Гродна, які Ірына стварае, прадстаўляючы родны край на выставах і конкурсах.

C0F4C202-223E-48F6-B76A-77211BABFBAD.jpeg
62B8A49B-AE2B-4E9A-A59E-1E276FE52F08.jpeg
29CBDEAF-B5A2-4503-B14C-B8F5FDC5FE29.jpeg

Для майстра няма «нялюбых» прац, але часам працэс можа ісці па-рознаму.

– Кожную працу робіш – і яна каханая. Але бывае, што няма настрою, і не ідзе працэс. Мусіць, ва ўсіх так. Важна злавіць натхненне. Калі б мне прапанавалі зрабіць нешта для гістарычнай асобы, я, напэўна, спляла б капялюш для Янкі Купалы ці нешта сімвалічнае для Еўфрасінні Полацкай. Дарэчы, калісьці ў Беларусі нават царскія вароты ў цэрквах упрыгожвалі саломай! – дзеліцца думкамі майстар.

Падчас працы майстар часта слухае музыку ці аўдыёкніжкі. Гэта звычайна ці класічная музыка, напрыклад творы Баха, якія дапамагаюць засяродзіцца, ці дэтэктывы, якія робяць працэс пляцення больш займальным. Асабліва прыемна слухаць, прызнаецца майстар, аўдыёкніжкі падчас выканання аднатыпных аперацый, такіх як пляценне доўгіх стужак або падрыхтоўка матэрыялу.

Рамяство, якое патрабуе цярпення

Ірына Шавельская – адзіная ў сям’і, хто зрабіў творчасць сваёй прафесіяй. Аднак задаткі да мастацтва ёсць і ў яе сясцёр – яны выдатна малююць, але для іх гэта хобі. А любоў да народнага рамяства, магчыма, перадалася ад бабулі, якая займалася ткацтвам. 

– Я з дзяцінства назірала, як бабуля ткала, – успамінае Ірына. – Падладжвалася пад ткацкі станок, глядзела, як рухаюцца яе рукі, як нараджаюцца ўзоры. Мусіць, тады ўва мне і зарадзілася гэта захапленне ручной працай, прыгажосцю рэчаў, створаных сваімі рукамі.

85FBAD58-7D85-43EE-A067-76A617D682BA.jpeg

Майстар упэўнена: творчасць – гэта не проста праца, а пакліканне, якое ідзе з глыбіні душы. І, магчыма, менавіта сямейныя традыцыі дапамаглі ёй знайсці свой шлях у свеце саломапляцення.

Гэтая праца, прызнаецца суразмоў-ніца, патрабуе не толькі майстэрства, але і вялізнага цярпення. Нават невялікая фігурка можа запатрабаваць гадзін працы.

– Птушку звычайную можна зрабіць за 10-15 хвілін. А вось складаныя працы патрабуюць тыдняў і нават месяцаў. Самая складаная рэч, якую я рабіла, – бусел. Там кожнае пяро выпляталася асобна, а іх больш за 300. Увесь працэс заняў тры тыдні. Спачатку пляла асобна тулава, дзюбу, ногі, «пальчыкі», а потым збірала фігуру, – распавядае Ірына.

Выставы, фестывалі, міжнародныя кірмашы – яе творчасць усюды знаходзіць водгук. Апроч стварэння сваіх твораў, яна таксама навучае дзяцей. У яе гуртку «Саламяныя карункі» пры Гожскай бібліятэцы вучацца не проста плесці, а любіць сваю спадчыну. Дзеці самі жадаюць займацца гэтым рамяством. Цяпер у групе 6 чалавек. Многія ходзяць у гурток ужо на працягу чатырох гадоў.

– Хачу перадаць дзецям любоў да роднай зямлі, працавітасць. Цяпер складана прывіць уседлівасць. Мы аднойчы плялі падвеску перад Новым годам: 120 пацерак, 14 званочкаў. Рабяты здзівіліся: «Так шмат?!» Але дарабілі. Гэта вучыць не кідаць пачатае. І бачыць прыгажосць – у простай сцяблінцы саломы, якая можа ператварыцца ў твор мастацтва, – дзеліцца майстар.

549CFB47-B78A-44AF-8639-8D317B21C14D.jpeg
5200EADB-4BD7-4F46-BF05-CA0C4AEE251B.jpeg
54267029-2E99-457A-B5E9-C0EC7FB30F56.jpeg

Для працы Ірына Шавельская выкарыстоўвае ў асноўным жыта – яго высокія і трывалыя сцяблы ідэальна падыходзяць для пляцення. Але зараз гэтую культуру вырошчваюць не так часта, таму Ірына сее яе сама на дачы.

Нарыхтоўка матэрыялу – працэс працаёмкі: важна сабраць усё ў патрэбны момант, пакуль колас яшчэ «малочны», інакш саломка страціць сваю трываласць і залацісты колер. 

– Матэрыял – палова працы. Працэс стварэння выраба пачынаецца задаўга да самага пляцення. Спачатку трэба нарыхтаваць салому: нарэзаць, адсартаваць, падрыхтаваць да працы. Вельмі шмат часу ідзе на нарыхтоўку матэрыялу. Ты прыносіш снапы, адлучаеш каленцы, сартуеш. Калі вядзеш гурток, яшчэ і для дзяцей трэба ўсё падрыхтаваць, каб яны спакойна працавалі з саломай, не баяліся яе сапсаваць. А яны: чык-чык-чык – і пайшла справа! – усміхаецца майстар.

Ірына Шавельская падкрэслівае: сёння традыцыйнае рамяство набывае новыя формы. Апроч класічных традыцыйных вырабаў, такіх як лялькі-абярэгі ці буслікі, майстры ствараюць скульптуры і дэкаратыўныя кампазіцыі.

– Раней мужчыны рабілі ёмістасці і фігуркі для абрадаў. А зараз усё мяняецца – з’яўляюцца кветкавыя кампазіцыі, складаныя скульптуры. Я ведаю майстра, якая пляла вялікага зубра вышынёй больш за метр. Яна рабіла яго тры месяцы, – кажа Ірына.

E2B3C7A1-179D-4620-96A2-3AE020322C10.jpeg
E48CD640-7ECF-41D0-9159-0FDA37E753FB.jpeg

Мастацтва, сагрэтае сонцам

Саломапляценне – важная частка беларускай культуры, і цікавасць да яго толькі расце. Людзі шукаюць аўтэнтычныя рэчы, якія гарманічна ўпісваюцца ў сучасны інтэр’ер.

– Мне важна, каб вырабы былі не толькі прыгожымі, але і карыснымі, – кажа майстар Ірына Шавельская. – Салома захоўвае цяпло зямлі і рук майстра, а традыцыйнае рамяство перажывае новы віток папулярнасці. Беларуская саломка вядома далёка за межамі краіны. Людзі цягнуцца да каранёў, да прыроды. Калі мы прадстаўлялі вобласць на ВДНГ у Маскве, многія, убачыўшы саламяныя вырабы, адразу казалі: «Гэта беларусы прыехалі».

На майстар-класе Ірына вучыць мяне плесці птушачку. Яе пальцы спрытна пераплятаюць сцяблы, ператвараючы іх у хупавую фігурку.

– Саломапляценне – гэта медытацыя. Калі працуеш з саломай, забываеш пра ўсё, – тлумачыць майстар.

Я спрабую сама: сцяблы ўпарта выслізгваюць, але паступова пачынаюць слухацца. І вось у маіх руках – мая першая саламяная птушка.

– Галоўнае – верыць у сябе і не баяцца тварыць, – усміхаецца Ірына.

І тут я разумею: узнагароды Ірыны Шавельскай – гэта не проста прызнанне яе таленту. Гэта прызнанне каштоўнасці прастаты, мудрасці і кахання да сваёй справы. Гэта напамін пра тое, што сапраўднае мастацтва нараджаецца з самых простых рэчаў, з таго, што дорыць нам зямля.

Выходзячы з майстэрні, я трымаю ў руках сваю саламяную птушку. Яна пахне полем, сонцам і нечым яшчэ, няўлоўна важным. Яна – напамін пра дзень, праведзены ў свеце саламянага цуду, у свеце, дзе нараджаецца прыгажосць і ажываюць старажытныя традыцыі. І я ведаю, што гэта не апошняя мая сустрэча з чараўніцай саломы. Таму што ў яе майстэрні крыецца сакрэт, які хочацца спасцігаць бясконца.

Последние новости