У Сапоцкіна прайшло “Свята пісанкі”: унікальныя майстар-класы, бітва яек і танцы да вечара
18 красавіка гарадскі пасёлак Сапоцкін стаў месцам велікодных традыцый. На працягу свята госці з азартам мераліся сіламі ў традыцыйным турніры па біцці яек, удзельнічалі ў майстар-класах па роспісе яек, частаваліся дранікамі, прыгатаванымі на калодзе. Для аматараў салодкага правялі конкурс велікоднага печыва, а дэгуставалі яго пад духмяную зёлкавую гарбату.
Дзеці таксама не сумавалі: іх чакалі вясёлыя велікодныя гульні, займальныя квэсты і катаннне на конным дворыку. Для дзяцей з дзіцячага сацыяльнага прытулку ў Лойках была арганізавана дабрачынная акцыя і кожны з іх атрымаў падарунак.
Канцэртную праграму задавалі лепшыя творчыя калектывы Гродзенскага раёна. Асаблівым госцем вечара стаў народны ансамбль беларускай музыкі і песні “Гасцінец” з горада Гродна. Завяршылася мерапрыемства гучнай і яркай танцавальнай праграмай “Танчым па-сапоцкінску”.








На працягу ўсяго дня усе жадаючыя маглі паспрабаваць сябе ў старажытным мастацтве. Сапраўдныя носьбіты традыцыйнай культуры г.п. Сапоцкін і запрошаныя майстры з Мастоў і Ліды шчодра дзяліліся сакрэтамі майстэрства па роспісу яек. Удзельнікі асвойвалі тэхніку “пісанкі” воскам на халодным яйку, паступова ствараючы загадкавыя ўзоры. На майстар-класах можна было не толькі паназіраць за працай прафесіяналаў, але і самастойна ўзяць у рукі пісачок і нанесці свой першы сімвалічны узор. Атмасфера панавала па-сапраўднаму творчая: за сталамі са свячамі і пчаліным воскам нараджаліся сапраўдныя шэдэўры — ад класічных геаметрычных арнаментаў да аўтарскіх веснавых малюнкаў. Кожны змог забраць сваю пісанку дадому як абярэг і памятны сувенір.

18 красавіка ў г.п.Сапоцкін на свяце пісанкі работнікі культуры Гродзенскага раёна падзяліліся рэцэптамі прыгатавання і частавалі гасцей фірменнымі дранікамі аграгарадка Абухава, Свіслачы, Гожы і вёскі Жытомля.
“Стравы з таркаванай бульбы (дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя) – традыцыі прыгатавання і спажывання” на тэрыторыі Гродзенскай вобласці ў 2022 г. унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.




