Саломапляценне

На думку даследчыкаў, салома, як матэрыял для пляцення, стала выкарыстоўвацца яшчэ некалькі тысяч год таму ў сувязі з развіццём земляробства.

         Прызначэнне саломапляцення практычна не змяніла свой характар: яно захавала ўтылітарна-практычную функцыю (для вырабу гаспадарча-бытавых рэчаў), выкарыстоўваецца ў абрадава-рытуальных мэтах.  Але на першы план выходзіць мастацка-дэкаратыўнае прызначэнне: для аздаблення інтэр’ера альбо выкарыстанне як найлепшага сувеніра з беларускай зямлі. Зберажэннем традыцый саломапляцення і няспынным пошукам у галіне формаў і дэкору, разнастайнасць аўтарскіх почыркаў і тэматычнае багацце вызначае творчасць майстроў-сучаснікаў Гродзенскага раена.

         Краўчук Валянціна Іванаўна працуе у Гродзенскім раене з 2000 г. Прыгожыя саламяныя вырабы, зробленыя яе рукамі, сапраўдныя творы мастацтва. Традыцыйныя капелюшы (брылі), куфры, шкатулкі, кошыкі і кветкавыя кампазіцыі не пакідаюць абыякавымі ніводнага наведвальніка выстаў аддзела этнаграфіі, фальклора і раместваў. Валянціна Іванаўна з’яўляецца членам Беларускага Саюза майстроў. У 2010 г. узнагароджана спецыяльнай прэміяй Гродзенскага аблвыканкама імя А.І. Дубко “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў намінацыі “народны майстар”.

         Кірко Наталля Аляксандраўна працуе кіраўніком гуртка па саломапляценню з 2009 г. Старанны спецыяліст з асаблівым творчым позіркам. Творы, выкананыя ёю, вельмі вытанчаныя і арыгінальныя. Інкрусціраваныя шкатулкі і велікодныя яйкі заварожваюць і прыцягваюць позірк. Вялікую ўвагу Кірко Н.А. надае стварэнню дэкаратыўных пано, кветак, вазаў і іншых прадметаў мастацкага аздаблення інтэр’ера.

         Ірына Францаўна Шавельская валодае некалькімі відамі народнай творчасці, але аддае павагу рабоце з саломай. Дзякуючы ей, у Гродзенскім раене аднавіўся выраб традыцыйнага  саламянага галаўнога ўбора (картуза). На выстаўках з’явіліся прыгожыя фігуры птушак і  жывел (каней, козачак).  

         Майстры саломапляцення аддзела этнаграфіі, фальклора і раместваў зберагаюць шматвекавыя традыцыі і ўносяць сучасныя тэндэнцыі гэтага мастацтва, ствараюць  творы, дзякуючы якім “беларуская саломка” стала сапраўднай візітоўкай нашага краю.