Разьба па дрэву

Яшчэ з самых старажытных часоў вядома аб здольнасці дрэва пазбаўляць ад назапашанай адмоўнай энергіі. Побыт, жыллё на Гродзеншчыне былі непарыўна звязаны з дрэвам. Пры нараджэнні дзіцяці яго клалі ў драўляную люльку, давалі драўляную цацку -  чалавек так і заставаўся, акружаны дрэвам і да самой старасці.  У роспісу сялянскіх хат абавязковым элементам было «дрэва жыцця», якое служыла «сімвалам добрых пажаданняў і ахавальным знакам». Разьба па дрэве суправаджае чалавека па жыцці і шчыльна ўвайшла  ў лёс беларускага чалавека:  майстры выразалі з гэтага матэрыялу ўсё неабходнае для жыцця: мэбля, начынне, посуд.  Але рабіць усё гэта можна было толькі вельмі добра разумеючы  дрэва і адчуваючы яго як жывы, адушаўлёны матэрыял.  Дрэва натхняе, а разьбяныя вырабы напаўняюць жыватворнай сілай наш дом.

Старэйшым работнікам аддзела этнаграфіі, фальклора і раместваў з’яўляецца Скрамблевіч Мар’ян Антонавіч – майстар драўляных музычных інструментаў, музыкант, рэстаўратар. Вынікам яго шматгадовай працы стала адкрыцце  на базе Адэльскага цэнтра культуры і народнай творчасці музейнага пакою драўляных музычных інструментаў, у якім  прадстаўлена больш за 100 вырабаў. Творчасць Мар’яна Антонавіча ўнесена ў спіс нематэрыяльна-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Скрамблевичу М.А. прысвоена  званне Народнага майстра Рэспублікі Беларусь.

Уладзімір Уладзіміравіч Кемяжук – майстар разьбы па дрэву – працаздольны, самаадданы і таленавіты чалавек, майстар з вялікай літары. Нястомна працуе над стварэннем новых арыгінальных сувеніраў. У сваіх вырабах аўтар імкнецца адчуць душу дрэва, перадаць прасторы , энергетыку  і прыгажосць.

Падарункі і сувеніры з дрэва, зробленыя нашымі майстрамі, будуць выпраменьваць цяпло і несці гармонію і ўтульнасць  у ваш дом.