Народный театр белорусской народной песни «Матуліна песня»

Народны тэатр народнай песні “Матуліна песня” быў створаны ў 1986 годзе на базе Жытамлянскага сельскага Дома культуры. Яго заснавальнікам і нязменным кіраўніком з’яўляецца Тарэса Антонаўна Адамовіч – творчы, адданы сваёй справе чалавек, які сваей працай, непамернай любові да роднага слова і роднай песні заваявала аўтарытэт і павагу не толькі жытамлянцаў, але і насельніцтва Гродзенскага раёна.

У розныя часы ў склад народнага тэатра народнай песні “Матуліна песня”уваходзіла каля 50 чалавек: дзеці, дарослыя, сталыя людзі – жыхары вёскі Жытомля Гродзенскага раёна. На сенняшні дзень калектыў налічвае 21 удзельніка. Асабліва тэатр славіцца сямейнымі дынастыямі, якія ўжо больш 20 гадоў складаюць яго аснову.

Першы спектакль народнага тэатра народнай песні – “Жытамлянскія вячоркі” ў 1987 годзе здымала Беларускае тэлебачанне. Спектакль быў паказаны ў праграме “Запрашаем на вячоркі”.

У 1992 годзе фальклорны калектыў атрымаў званне “народны”. Ацэньваючы яго выступленне, члены камісіі падкрэслілі, што праграма была пабудавана на мясцовым матэрыяле з элементамі народнага каларыту. Звярнулі ўвагу і на касцюмы: багатыя, яскравыя, падабраныя да кожнага ўдзельніка ў залежнасці ад узросту.  

За 30 гадоў існавання народнага тэатра народнай песні адроджаны і актыўна папулярызуюцца народныя святы Гродзеншчыны, беларускія, польскія народныя песні, было пастаўлена звыш 15-ці фальклорных  спектакляў. З іх тры пад агульнай назвай “Вячоркі”, тры вялікодныя праграмы з назвай “Вялік святы нам дзень настаў!”, калядныя праграмы “Святыя вечары”, “Шчодрык” (для дарослых) і “Шчадрэц” (для дзяцей), купальская праграма “На Купала – сонца йграла”, вайсковая праграма “Провады да войска”, “Фэст на Пакровы”, “Гуканне вясны”, “Вяселле” і іншыя. Спектаклі ўтрымліваюць шмат гумару, цікавых прыпевак, танцавальна-ігравых элементаў. У аснову ўсіх сцэнарных распрацовак Адамовіч Т.А. пакладзены непаўторны каларыт мясцовай абраднасці, самабытнай народнай культуры. Песенны і гутарковы тэкст у пастаноўках зберагае мясцовы дыялект жытамлянцаў, вылучаецца своеасаблівай мілагучнай гаворкай і добра захаванымі і несапсаванымі сучаснай апрацоўкай мясцовымі песнямі.

Народны тэатр народнай песні “Матуліна песня” актыўна ўдзельнічае ў міжнародных, рэспубліканскіх, абласных, раённых фестывалях і конкурсах. У 2014 годзе народны тэатр стаў пераможцам раённага агляду-конкурсу анімацыйных праграм “Парк забаў” у намінацыі “Лепшая анімацыйная праграма”, дыпламантам І ступені ў намінацыі “Майстэрства аўтэнтычнага выканання” у рамках раённага конкурсу вясельных абрадаў “Гарадзенская вясельніца”. Рэпрэзентаваўшы абрад “Прыезд маладой да маладога”, удзельнікі калектыву Тарэсы Антонаўны прадэманстравалі адметныя рысы вяселля ў вёсцы Жытомля, здзівіўшы ўсіх гледачоў багатым фальклорным матэрыялам і яго ўвасабленнем у пастаноўцы, песнях, танцах. У 2014 годзе калектыў стаў дыпламантам І ступені раённага этапу Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Шчаслівы той, хто продкаў з чыстым сэрцам паважае”, а дзіцячая група калектыву – дыпламантам І ступені Рэспубліканскага конкурсу фальклорных калектываў ў рамках Рэспубліканскага конкурсу “Юныя таленты Беларусі” ў намінацыі “Адданасць традыцыям”.

Народны тэатр народнай песні “Матуліна песня” на працягу 2014 года па запрашэнню  Гродзенскага абласнога  грамадскага аб’яднання аграэкатурызму “Усадьбы Гродненщины” ў рамках стварэння турыстычнай дэстынацыі “Зеленый оберег” сумесна з турыстычнай фірмай “Мерцана” штомесяц праводзілі фальклорныя анімацыйныя праграмы для турыстаў і прадстаўнікоў аграэкатурызму ў рамках Школы этна-экалагічных святаў.

У 2015 годзе народны тэатр стаў дыпламантам раённага агляду-конкурсу фальклорных калектываў Гродзенскага раёна з рэканструкцыяй абраду “Выправы да войска”, удзельнічаў у Міжнародным фестывалі танца “Кадагіня”ў г.Друскінінкай (Літоўская Рэспубліка), VII Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы рамёстваў “Вясновы букет” (г.Мінск).

У 2016 годзе калектыў прымаў удзел у XI Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур і ХХV Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

“Матуліна песня” – неаднаразовы лаўрэат абласнога адкрытага фестывалю народнай творчасці “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў”, адкрытага рэгіянальнага свяца народнай творчасці “Аўгустоўскі канал запрашае сяброў”, раённага фестывалю фальклору “Вяртанне да вытокаў”, абласнога Свята Млынароў, свята “Адэльскі фэст”.

Народны тэатр народнай песні “Матуліна песня” з’яўляецца жаданым госцем на святах у Рэспубліцы Польшча. Паспяховым быў удзел у XXIV Міжнародным Кірмашы фальклору “Вэнжегова – 2003”, Міжнароднай Каляднай сустрэчы “Еўропа на Мазоўшу – Мазоўша ў Еўропе” (г.Варшава), Экалагічным фестывалі “Урочыска – 2006” (г.Супрасль), Міжнародным Свяце ў Старым Фальварку “Паміж намі, суседзямі”, “Сувальшчына – мая малая Айчына” (г.Сувалкі). Амаль штогодпраходзяць канцэртныя выступленні і фальклорныя прадстаўленні калектыву на Міжнародных велікодных сустрэчах “Канапелька” ў г.Кнышын (Рэспубліка Польшча).

Творчая дзейнасць калектыву шырока асвятляецца ў раённых, абласных і рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі: газетах “Перспектыва”, “Гродзенская праўда”, “Культура”, “Медыцынскі веснік”, “Звязда”, “Глос з-пад Нёмна”.

Ансамбль і яго кіраўнік неаднаразова ўзнагароджваліся ганаровымі граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама, кіраўніцтва Гродзенскага райвыканкама і аблвыканкама, саюза Палякаў на Беларусі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

У 2001 годзе Урад Рэспублікі Беларусь узнагародзіў “Матуліну песню” Памятным Знакам “2000 год Хрысціянству” за духоўнае адраджэнне. У 2008 годзе Т.А.Адамовіч атрымала прэмію Гродзенскага райвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры” ў намінацыі “Лепшы клубны работнік”.

Калектыў “Матуліна песня” і яго кіраўнік занесены ў Дзяржаўную Энцыклапедыю Беларусі “Беларускі фальклор”, а імя Тарэсы Антонаўны ўвайшло ў Дзяржаўную Энцыклапедыю Беларусі “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь. Жанчыны Беларусі”.У 2011 годзе народны тэатр народнай песні “Матуліна песня” стаў Лаўрэатам Прэміі,зацверджанай прэзідыумам Беларускага прафсаюза работнікаў культуры у намінацыі “Тэатральнае мастацтва”. Адамовіч Тарэса Антонаўна – пераможца Рэспубліканскага конкурсу  “Жанчына года – 2014” у намінацыі “За духоўна-маральнае адраджэнне нацыі”. У 2015 годзе стала лепшым работнікам культуры Гродзенскага раёна.

Филиал Житомлянский дом фольклора государственного учреждения культуры «Гродненский районный культурно-информационный  центр» дер.Житомля, ул.Мира, 1б

Руководитель – Адамович Тареса Антоновна

Контактный телефон: 936-737